З моманту нашага апошняга (і адзінага) візіту ў маленькую вёску пад назвай Венце (літ. – Ventė) прайшоў ужо год. Час ляціць хутка. Год таму мы з маім сябрам, а лепш сказаць соўлмэйтам (анг. soul mate -аднадумца, чалавек блізкі па духу), вандравалі ўздоўж узбярэжжа Балтыйскага мора. Гэта былі бадай самыя яскравыя моманты ў маім жыцці, успаміны аб якіх нават і зараз міжвольна ўсплываюць у маёй памяці.
Лічу рацыянальным пачаць гэтае апавяданне з таго моманту, як мне і майму сябру давялося першы раз паспрабаваць сябе ў якасці раварыстаў. Зараз я прапаную вам перанесціся разам са мной у восень 2010 года, на Балтыйскае ўзбярэжжа, а каб быць больш дакладным, у стары прускі горад Мемель (зараз літоўская Клайпеда (літ. - Klaipėda), тое месца дзе я правёў 4 гады свайго жыцця.
Але перад тым, як мы пачнём нашае падарожжа на роварах, я зраблю невялічкае адступленне, каб распавесці крыху пра назвы. Немцы назвалі горад Мемелем, бо “Memel” – гэта па-нямецку Нёман, і менавіта ў гэтым месцы (амаль у тым месцы) ён упадае ў Балтыйскае мора. Там тэўтонцы пабудавалі замак і назвалі яго Memelburg. Літоўцы, у сваю чаргу, а лепш сказаць куршскае племя скальваў, нызывалі месца Клайпедай. Нехта кажа, што назва Клайпеда пайшла ад багністай мясцоваці, а нехта згадвае паданне пра Волата і яго ступню (літ. – pėda, ступня). У тым ці іншым выпадку, цяжка сказаць, ці мусіць гэты горад належаць сучаснай Літве, бо толькі пасля падзей 15-га лютага 1923-га года гэты горад “апынуўся” літоўскім. Зараз 15-га Лютага – Дзень Клайпеды і каля помніка вісяць 2 штандары - сучаснай Літвы і Маленькай Літвы. А вось, дарэчы, і помнік у Клайпедзе, на якім напісана: “Мы ёсць адна нацыя, адна зямля, адна Літува...”
Ідэю арганізаваць падарожжа на роварах да аднаго з бліжэйшых месцаў ад Клайпеды, у горад Палангу (літ. – Palanga), падаў адзін з нашых універсітэцкіх настаўнікаў. Пасля першага вопыту пераадолення доўгай дыстанцыі, шчыра кажучы, было цяжка, тым больш, што фізічна мы былі зусім не падрыхтаваныя. Такім чынам, першы горад, які нам давялося наведаць, была Паланга. Ад Клайпеды да яе ідзе веласіпедная дарожка, агульная працягласць якой складае прыблізна 23 км. Дарожка вельмі цікавая і не дае магчымасці кіроўцам засумаваць. Пакрыццё таксама добрае, што з'яўляецца не самым апошнім фактарам падчас падарожжа на роварах. Першая яе частка – гэта шлях ад Клайпеды да чыгуначнай станцыі Гіруляй (літ. - Giruliai), другі адрэзак – ад Гіруляя да месца, якое называюць «Мыс закаханых» (літ. Olando kepurė – “Галандскі Капялюш”). Вось некалькі здымкаў з гэтага мыса.
Пасля мыса знаходзіцца невялічкая вёска Каркле (літ. – Karklė), пасля яе – «возера» (літ. - Ežero Plaza), дзе стаіць нейкі шчыт з выявамі птушак.
Гэтае месца азначала, што больш за палову агульнага шляху (да Палангі) было ўжо зроблена. Пасля возера ішоў лес, потым поле, потым зноў лес, і вось нарэшце мы ўжо ўбачылі ўезд у Палангу з боку парка Тышкевічаў.
Паланга - гэта невялікі горад. На самой справе, там ёсць толькі адна галоўная вуліца, дзе заўсёды збіраюцца гандляры з лаўкамі, карчмары з ежай і галоўныя наведвальнікі Палангі – турысты.
Распавядаць
пра Палангу можна шмат, але зараз я не буду звяртаць на яе шмат увагі, бо пасля
таго, як мы ўжо намайстраваліся пераадольваць дыстанцыю ў 50 км за адзін дзень,
Паланга стала для нас «размінкай». Паколькі мы ўжо разам з вамі, чытачы, пачалі
рухацца ў паўночным накірунку ад Мемеля, хачу звярнуць вашую ўвагу на вёску Швянтойі (літ. – Šventoji), якая знаходзіцца за Палангай у 12 км у накірунку Латвіі.
Дарожка да яе насамрэч добрая. Мушу сказаць, напэўна, самая лепшая дарожка якую
я да гэтага моманту бачыў у жыцці. Гэты кавалак дарогі быў для нас самым
прыемным: хвойны лес, марское паветра, узбярэжжа ды хаты заможных літоўцаў -усё
гэта можна пабачыць ўздоўж дарогі. Сам Швянтойі яшчэ меншы за Палангу. Агульная
колькасць тутэйшых жыхароў складае каля дзвюх з паловай тысяч. Там жа ёсць
аздараўленчы комплекс Энергетык (літ. - Energetikas), а таксама яшчэ некалькі
месцаў для адпачынку – кемпінгаў ды бунгала.
Увосень 2010 года нам давялося наведаць толькі гэтыя месцы. Але ўжо ўвесну 2011 мы вырашылі рухацца далей - «На Латвію!». Ад Швянтойі да Латвіі насамрэч зусім недалёка. Але ж тыя, хто шукаюць прыгод, іх чамусьці заўсёды знаходзяць. Адразу пасля Энергетыка мы ўбачылі дарожны знак, які знаходзіўся на скрыжаванні. Праваруч была добрая асфальтавая дарога, леваруч – маленькая вясковая, але знак паказваў налева. Вось так мы заблукалі і трапілі ў латышскае балота. А яшчэ пабачылі ДАК (даўгачасную агнявую кропку) і першы пагранічны слуп Літвы на мяжы з Латвіяй.
Але пасля гэтага на роварах ехаць было ўжо амаль немагчыма. (Мой запіс у дзённіку). Таму мы і вырашылі вяртацца. Перанеслі ровары на пляж і рушылі на іх па мокраму пяску уздоўж мора. Гэта было наша першае знаёмства з Латвіяй.
Другі раз я пабываў там ужо з іншым сябрам. Гэты раз мы ўжо рушылі направа. Ад Швянтойі да мяжы з Латвіяй каля 12-ці км. Але веласіпеднай дарогі там ужо няма, таму мы меліся рухацца па шашы. Амаль перад самай мяжой мы ўбачылі апошнюю літоўскую вёску – Буцінге (літ. - Būtingė). Там былі нейкія дзіўныя пабудовы, якія (як мы потым даведаліся) былі там для захоўвання ды транспарціроўкі нафты. Некалькі кіламетраў па шашы - і мы дасягнулі КПП. У той час ён быў ужо пакінутым, бо Літва і Латвія ўжо каля сямі год былі ў складзе Еўрапейскага звязу і таму мяжы паміж імі de facto не было. Дарога адразу пайшла дрэнная. Вось, напэўна, першая рэч, на якую звяртаеш увагу адразу пасля пераезду КПП. У адрозненні ад Літвы ў Латвіі дарожкі для ровараў няма. Яна ёсць на мапах і ў «жвіровым варыянце», але рухацца па ёй нельга. Да бліжэйшага жылога месца было каля 11-ці км. І вось ужо пасля паўгадзіны язды мы апынуліся ў Руцаве (лат. - Rucava). Ехаць па шашы было вельмі сумна ды небяспечна. Дарога аднастайная бо колькі б ні ехаў, краявід не мяняецца і трэба заўсёды быць на варце, бо тутэйшыя з'яўляюцца вялікімі аматарамі хуткага руху. Каля Руцава ёсць маленькая вёска пад смешнай назвай Цяцішце (лат. - Ķāķišķe).
У Руцаве ёсць 2 крамы, адна царква і помнік патрыётам Літвы і Латвіі. Колькасць жыхароў складае каля 700 чалавек.
Падчас нашых іншых вандровак мы наведалі Латвійскую Ніцу (лат. - Nīca) ды Лібава (лат. - Liepāja). Ад Клайпеды да Ніцы 72 км, а да Лібавы каля 90. Ніца маленькая, але прыгожая, а ў Лібаву лепш ехаць на 2 дні, бо за адзін шмат не пабачыш. Усе гэтыя мясчтэчкі ўваходзяць у Латвійскую вобласці пад назвай Курляндыя (лат. - Kurzeme), якую нейкі час насялялі куршы (лат. - kurši).
Зараз прапаную вашай ўвазе літоўскія мястэчкі, якія знаходзяцца на поўдзені ад Клайпеды. Па-першае, лічу вартым распавесці пра месца пад назвай Венце (літ. – Ventė). Яно знаходзіцца ў 53-х кіламетрах ад Клайпеды. Там ёсць маяк, музей ды прылады для лоўлі птушак. Вось так выглядае гэтае месца.
Адтуль людзі могуць назіраць за Куршскай касой і вёскай Ніда, якая знаходзіцца на касе. На жаль, але паром ад Венце да касы не ходзіць. Адзіны спосаб якім можна дасягнуць касы - гэта сесці на паром ад Клайпеды да Смілціне (літ. – Smiltynė), альбо ад Клайпеды да Ніды (літ. - Nida). У Клайпедзе існуюць два месцы, ад якіх адыходзяць паромы. Таксама можна заехаць на паром і на аўтамабілі. Менавіта так жыхары Калінінграда ды іншых месцаў Расійскай вобласці дасягаюць Клайпеды. Дарога для машын на касе платная, бо там знаходзіцца запаведная зона. Але тыя, хто вырашыў наведаць Ёдкрантэ (літ. - Juodkrantė) ды Ніду на роварах не мусяць нічога плаціць за праезд. Ніда, Ёдкрантэ разам з Пярвалкай (літ. – Pervalka) ды Прэйлай (літ. – Preila) уваходзяць у склад горада Нерынга (літ. – Neringa), які ў сваю чаргу з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам. На мапах можна пабачыць назву горада Нерынга, але насамрэч – гэта назва групы мястэчкаў.
Пачнём падарожжа ад Смілціне – вёскі, у якую прыплывае паром ад Клайпеды. Каля вёскі знаходзіцца стары прускі форт, у якім зараз зроблены музей флоры і фаўны (менавіта ў ім я другі раз у жыцці і пабачыў мечыхвостаў). У гэтым форце існуе прывід нейкага вайскоўца, а яшчэ там распавядаюць гісторыю Літвы і Прусіі.
За 22 кіламетры ад гэтага месца знаходзіцца вёска Ёдкрантэ (літ. - Juodkrantė), па-нямецку – Schwarzort. На абедзвух мовах назва азначае – «чорнае месца». Насамрэч, месца проста дзівоснае. Першае, што звяртае на сябе ўвагу – гэта музей каля мора. Экспанаты - гэта фігуры з камянёў, якія знаходзяцца ў 50-ці метрах ад мора.
Не ведаю чаму, але літоўскага духу тут няма. Я б сказаў, што гэта нібыта асобныя месцы, якія не мусяць належаць ні да якой сучаснай дзяржавы. Насамрэч, было б цікава даведацца больш пра гісторыю тых людзей, якія спрадвеку жылі ў гэтых месцах. Якія хаты яны будавалі, чым займаліся, на якой мове размаўлялі. Мяне краявід захапіў і ўразіў, але яшчэ больш цікавым для мяне было пытанне аб тым, як людзі, якія жылі там, змагаліся з холадам, бо гэтыя месцы знаходзяцца на касе і прадзьмуваюцца з абодвух бакоў сцюдзёнымі вятрамі. З захаду (з боку Балтыйскага мора) Ёдкрантэ прыкрывае Гара Вядзьмаркі (літ. - Raganų kalnas), на якой зараз існуе этнаграфічны музей пад адкрытым небам.
Месца, якое таксама варта наведаць. Калі вы падарожнічаеце на роварах, іх трэба будзе пакінуць унізе і прайсці на гару пешкі. Таксама ў горадзе ёсць толькі адна крама, адна царква (лютэранская, службы ў якой вядуцца таксама і па-нямецку) і некалькі карчомак. Гаспадары дамоў гандлююць вэнджанай рыбай.
Ад Ёдкрантэ да Ніды каля 32-х кіламетраў. Амаль уся веласіпедная дарожка ідзе праз запаведную зону, таму вельмі часта на ёй можна пабачыць нейкіх жывёл: казуль, дзікоў і іншых гаспадароў лесу. Адметнасць гэтай мясцовасці ў тым, што тут хвойны лес апускаецца амаль да самага мора, і з-за таго водар адначасова і марскі, і хвойны. А яшчэ тут ёсць шмат бурштыну, і тутэйшыя ведаюць час, калі яго збіраць. Ніда знаходзіцца амаль каля мяжы з Калінінградскай вобласцю Расіі. Месца невялікае, але з вельмі цікавай гісторыяй. За Нідай ёсць вялікая выдма, на якой знаходзіцца вялікі паганскі помнік пад назвай “сонечны гадзіннік” (літ. - saulės laikrodis). Зараз яго перабудавалі, і ён прадстаўляе сабой вялікі гадзіннік з шастом пасярэдзіне, праз які трапляюць прамяні сонца і паказваць час на гэтым вялікім цыферблаце.
Увесну 2011-га я ўпершыню ў жыцці наведаў Расію. Да гэтага моманту я ні разу не быў у гэтай краіне, і таму мне было цікава паглядзець на яе Еўрапейскую частку. А тут яшчэ і такая магчымасць! Усяго некалькі кіламетраў ад Ніды на ровары - і мы ўжо на мяжы. Сябра мой нарадзіўся ў Іркуцку, але потым пераехаў у Літву і меў 2 пашпарты, але расійскі быў без рэгістрацыі. Памежнікі былі вельмі зацікаўлены, што ж гэта два хлопцы на роварах, адзін з беларускім пашпартам, а другі з двума (Літоўскім і Расійскім) робяць на Куршскай касе на мяжы?.. І вось, “Welcome to Russia”! Першапачаткова была ідэя наведаць Калінінград, але калі мы зразумелі, што у нас ужо не хопіць сіл, мы вырашылі наведаць «Вышыню Эфа» - вышэйшую кропку Куршскай касы на выдме Арэхавай (Петш). Месца проста чароўнае.
Адтуль дарэчы можна пабачыць літоўскую Ніду і расійскую вёску Марское (нем. - Pillkoppen). На ўздыме знаходзяцца шыльды з апісаннем мясцовай гісторыі і традыцый, а таксама людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё альбо ў даследаванне гэтых тэрыторый. Вось, напрыклад, шыльда на якой згадваецца імя спадара Крыва-Крывейтэ (прус. - Krewe-Krewayto), які лічыцца паганскім першасвяшчэннікам.
Насамрэч, было б цікава зрабіць даследаванне, бо вось наколькі я памятаю з гісторыі Беларусі, у нашых месцах жылі крывічы, а людзі, якія жылі на касе, называлі сябе «крывійцамі», а Расія па-латышску будзе «Крэвія» (лат. – Krievija), а Беларусь – «Балткрэвія» (лат. – Baltkrievija). Як па мне, дык вельмі шмат супадзенняў. Лічу вартым звярнуць вашу ўвагу на той факт, што спрадвечнае насельніцтва гэтых тэрыторый не было нямецкім, бо ў гэтых людзей існавала свая мова ды традыцыі, але пасля захопу тэўтонцамі, яны ўвайшлі ў склад Ордэна. На расійскай тэрыторыі, у накірунку Калінінграда, таксама існуюць мястэчкі Лясной (нем. - Sarkau) ды Рыбачы (нем. - Rossitten).
А вось яшчэ цікавы надпіс на нямецкай мове каля Вышыні Эфа. “Hier wird jeder aufgehängt, der Bernstein bei dem Deutschen Orden stiehlt” - Hermann von Salza (бел. – Тут будзе павешаны кожны, хто будзе красці бурштын у Ордэна).
На жаль, прускай мовай зараз не карыстаюцца, а калі быць больш дакладным - яна ўжо зусім вымерла, таксама як і спрадвечныя прусы. Глядзіце, сябры, каб і наша мова не згінула, згадайце словы Францішка Багушэвіча з «Прадмовы да Дудкі беларускай»: “Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”
Вось і скончылася наша з вамі падарожжа на роварах па Балтыйскаму ўзбярэжжу і Куршскай касе, шаноўныя чытачы. Раю вам аднойчы павандраваць па гэтых чароўных мясцінах! А калі вы ўжо там былі, то мне будзе вельмі прыемна даведацца аб вашых пачуццях ды ўражаннях.
P.S. У некаторым часе я буду паступова перакладаць старонкі на Вікі, звязаныя з месцамі, якія знаходзяцца ўздоўж Балтыйскага ўзбярэжжа. Калі вы неабыякава ставіцеся да беларускай мовы, я прашу вас паспрыяць павелічэнню колькасці беларускіх старонак на Вікіпедыі. Пачаць можна з простага перакладу ды дадатковага даследавання.
З павагай да сваіх сяброў і чытачоў,
Іван Бельскі
Дадатковыя матэрыялы:
Больш пра веласіпедныя падарожжа па ўзбярэжжу Балтыкі
Вельмi файны тэкст, дзякуй Мiкiта!
ОтветитьУдалить